Хто такія беларусы?
Падчас падарожжаў мне падабаецца чытаць пра краіны, мясціны і славутасьці, якія наведваеш. У падарожжы па Беларусі я чытаў пра гістарычныя пэрыяды краіны, станаўленьне і распад ВКЛ, Рэч Паспалітую, Расейскую імпэрыю. Задумваўся пра архітэктурную спадчыну ў выглядзе касьцёлаў, руінаў замкаў і памесьцяў.
Гуляючы па чарговай сядзібе Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх у Жалудку, чытаю: хоць двор у Жалудку быў уражлівым, Чацьвярцінскія бывалі тут нячаста, аддаючы перавагу жыцьцю ў Варшаве.
Тут у мяне зноў пачало ўзьнікаць пытаньне: якое дачыненьне да беларусаў маюць усе гэтыя рэшткі мінулага?
Гэты допіс — тэзіснае выкладаньне думак, каб для самога сябе ўпарадкаваць інфармацыю і паспрабаваць адказаць на пытаньне.
Такім чынам, паехалі:
Касьцёлы — каталіцкія. На іх тэрыторыях магілы настаяцеляў. Усе імёны польскія. Архітэктурная і культурная спадчына касьцёлаў ідзе з Польшчы. Магчыма, ня трэба казаць, што менавіта з Польшчы, але з заходняга захаду. А да нас яны трапілі праз Польшчу.
Уладальнікі сядзібы Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх не былі беларусамі. Гэта быў іх маёнтак, дзе яны часам жылі. А беларускія сяляне ў дадзеным выпадку былі рэсурсам, зь якога яны атрымлівалі прыбытак. Архітэктура сядзібы таксама вонкавая, не народжаная тут і нават не адаптаваная. Па сутнасьці — гэта ўладаньне васала звонку.
Недалёка ад Магілёва ёсьць, напрыклад, сядзібы Талстых. Тыя землі былі падараваныя расейскім імпэратарам роду Талстых. Гэта таксама сядзіба васалаў.
Далей я пачаў думаць, хто валодаў замкамі, якія мы наведалі падчас падарожжа? Гэтыя думкі непазьбежна прывялі мяне да ВКЛ.
Гальшанскі замак. Адно з уладаньняў Сапегаў. Хто такія Сапегі? Яны жылі ў Польшчы і Літве. А беларускімі землямі валодалі. Этнічна Сапегі — не беларусы. Нашчадкі Сапегаў цяпер у Польшчы. Да сучаснай Беларусі ня маюць ніякага дачыненьня.
Само ВКЛ заснавалі балцкія князі. У тую пару беларускія землі знаходзіліся ў стане фэадальнай раздробненасьці. Балты заваявалі і далучылі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Заснавальнік першай дынастыі — Міндоўг. Ён не беларус. Імя балцкае, культура таксама. Яны ж, балты, перамаглі нашых мясцовых Рурыкавічаў, якія былі ў Полацку.
Да XIII стагодзьдзя заходнерускія землі (у тым ліку беларускія) былі ахрышчаныя ў праваслаўе. Але літоўская эліта заставалася язычніцкай і не прымала хрысьціянства. То бок балцкая знаць адчувала сябе гаспадаром становішча і не прымала традыцыі падпарадкаваных земляў. Калі ўжо трэба было прымаць хрышчэньне, літоўская знаць прыняла каталіцтва.
З беларускай знаці ў ВКЛ фармавалася апазыцыя. Паводле Гарадзельскай уніі 1413 года, толькі каталіцкія фэадалы маглі займаць ключавыя дзяржаўныя пасады. Калі б дзяржаўнасьць ВКЛ была «беларускай», нічога падобнага не магло б адбыцца.
Напрыканцы XIV стагодзьдзя пачынаецца барацьба паміж заходнерускай знацьцю і літоўцамі. Яна вылілася ў дзьве вялікія войны — Ягайлы з Андрэем Полацкім, а пазьней Жыгімонта Кейстутавіча са Сьвідрыгайлам. Параза праваслаўнай партыі рэзка пагоршыла становішча заходнерускага насельніцтва.
Пасьля гэтага і да самага канца ВКЛ беларуская знаць знаходзілася ў дыскрымінацыйным становішчы. Ім забаранялася займаць кіроўныя пасады. ВКЛ усё больш збліжалася з польскай культурай, а беларуская частка — з Расеяй. Што ў выніку разарвала ВКЛ.
У мяне склалася меркаваньне, што ВКЛ — частка нашай гісторыі. Але гэта не наша спадчына.
Далей наступілі часы Рэчы Паспалітай, Расейскай імпэрыі і СССР. У гэтых дзяржавах беларускія землі ўваходзілі ў склад больш буйных дзяржаўных утварэньняў і не былі самастойнымі.
Беларусы — вельмі маладая нацыя. Яна толькі фармуецца. Беларуская дзяржаўнасьць таксама толькі фармуецца. Усю нашу гісторыю намі кіравалі то адны, то другія. Тым больш дзіўна, што беларусы ўсё ж такі здолелі захаваць беларускую самаідэнтычнасьць.
Усе архітэктурныя славутасьці, што засталіся з глыбокага мінулага, — гэта спадчына васалаў. Як да гэтага ставіцца, кожны вырашыць сам. Так, гэта беларуская гісторыя, але не беларуская спадчына.
Калі вы ў нечым не згодныя з маімі развагамі, напішыце мне, я адкрыты да дыялёгу.
4 жніўня 2023
Аб новых пастах інфармую ў Тэлеграме.