На Яндэкс і Гугл мапах.

У Салігорску раз у год праходзіць веламарафон «Соль Палесся». Маршруты праходзяць па палях, вёсках і, што самае цікавае, па тэрыконах. Гэта закрытая тэрыторыя, але спецыяльна для веламарафону яе адчыняюць на адзін дзень.

Упершыню веламарафон быў арганізаваны ў 2021 годзе для работнікаў «Беларуськалія». У першы год у ім узялі ўдзел каля 150 чалавек. На наступны год веламарафон зрабілі адкрытым, і ўдзельнікаў было ўжо больш за 300. Колькасць удзельнікаў падвойвалася з кожным годам. Планавалася, што ў гэтым годзе будзе 1 500 удзельнікаў, але за пару тыдняў да старту колькасць удзельнікаў павялічылася да 2 500, а за дзень да старту зарэгістравалася яшчэ 500 чалавек. У выніку на старт выйшлі 3 000 веласіпедыстаў, і гэта стаў самы масавы велазаезд Беларусі.

⚙︎⚙︎⚙︎

У Салігорск вырашаем ехаць на дызелі. Але ў гэтым кірунку няма вагонаў з веламесцамі, таму для чатырох веласіпедаў купляем дадатковыя шэсць месцаў. А самі веласіпеды пакуем у смеццевыя пакеты.

Паехалі.

Праз чатыры гадзіны на гарызонце пачынаюць вымалёўвацца тэрыконы.

У Салігорску на рэцэпцыі гасцініцы стаіць салявая лямпа. Заўсёды скептычна ставіўся да знешняга выгляду і карысці гэтых лямпаў. Але тут яна выглядае нават натуральна — усё пра соль.

⚙︎⚙︎⚙︎

У веламарафоне тры маршруты: 40, 75 і 130 кіламетраў. Мы вырашылі праехаць 75 кіламетраў (у рэальнасці — 86,4 кіламетра), паглядзець краявіды, пафоткаць. Карацей, мы сабраліся на вела-фота-прагулку.

Каманда на старце.

Людзі пачынаюць свісцець і гудзець, патрабуючы старту!

Пачынаем рух.

Калі быць адкрытым, я падышоў да паездкі цалкам непадрыхтаваным: у мяне не было ні веласумак (узяў бацькаў падрамнік для інструментаў), ні бібаў (купіў за дзень у сэкандзе вела-біба-трусы), ні шлему (купіў ужо ў Салігорску адзіны, які сеў больш-менш). Не паспеў замяніць шатун (малюся, каб не адваліўся). А яшчэ мне сказалі, што на старт я выйшаў як калгаснік. Вось такі я веласіпедыст ᕕ(ᐛ)ᕗ

Прыкладна праз 7 кіламетраў маршрут праходзіць праз вёску, і на вузкай вулачцы ўтвараецца затор. Гэта яшчэ толькі самы пачатак маршруту, і веласіпедысты едуць вялікімі групамі.

Відаць першыя тэрыконы і чаргу маленькіх веласіпедыстаў на іх фоне.

Яшчэ праз некалькі кіламетраў даязджаем да першага відавога месца, тут многія спыняюцца пафоткацца.

Тут праявіўся канфлікт паміж гоншчыкамі і велатурыстамі. Велатурысты, якія едуць няспешна і спыняюцца пафоткацца ў цікавых месцах, пачынаюць перашкаджаць тым, хто едзе на вынік. Час ад часу «тупілі» велатурысты, не разумеючы, што азначае крык ззаду: «Злева!», а час ад часу грубілі гоншчыкі: «Звалі ўлева, чаго цягнешся, авечка!»

У Тэлеграм-групе марафону разгарэлася гарачая дыскусія наконт гэтага. Паведамленне ад мясцовай жыхаркі: Да мы жители города сами участвуем в марафоне, рады всем гостям. Нам приятно что такие скоростные спортсмены желают поучаствовать в нашем любительском марафоне. Еще приятнее показать свои достопримечательности (солеотвалы), которые наши родители и их родители годами укладывали)) Также приятно самим прокатится и посмотреть пейзажи, показать их своим детям и разумеется сделать фото). Это уже ежегодная традиция прокатится по терриконам в преддверии дня шахтёра и посмотреть как они славно потрудились сколько переработали руды и на сколько увеличились отвалы. Спасибо Шахтерам! Спасибо руководству «Беларуськалия» Спасибо основателям и организаторам веломарофона. И отдельная благодарность участникам которые понимают где они находятся и с кем соревнуются. Ну а тем которым мешают любители на трассе (овцы и т. д.) желаю побед и достижений за пределами Солигорского района. Не вынуждайте нас просить сделать марафон закрытым(

Я не веласіпедыст, а, хутчэй, плавец, і магу зразумець незадавальненне, калі на цэнтральныя дарожкі басейна выплывае бабуля і няспешна плавае па-сабачы. Але ў дадзеным выпадку я на баку велатурыстаў. Усё ж першапачаткова меркаваўся масавы старт, і было відавочна, што будзе вельмі шмат людзей, якія не зарыентуюцца, як граматна сябе весці ў канкрэтнай сітуацыі.

Магчыма, на гэтым веламарафоне трэба ўвогуле прыбраць залік па месцах. Тут відавыя трасы, і заўжды будуць людзі, якія выйшлі на старт, каб палюбавацца пейзажамі, а не спаборнічаць.

⚙︎⚙︎⚙︎

Даязджаем да першага тэрыкона. Garmin паказаў сярэдні ўхіл 6%, што цалкам нармальна. Але гэта самы пачатак шляху, тэмпература +27 °C, і многія вырашаюць эканоміць сілы і паднімаюцца пешшу.

Зверху зноў цікавая лакацыя.

І зноў многія шукаюць цікавыя ракурсы для фотак.

Усё ж быць дзяўчынай падчас масавай велапрагулкі менш зручна, чым хлопцам, таму што рабіць туалетныя справы сапраўды некамфортна. Асабліва на гэтым маршруце, які практычна цалкам праходзіць па адкрытай мясцовасці. На тэрыторыі тэрыконаў сустрэўся пластыкавы туалет, і тут жа ўтварылася чарга з дзяўчын.

Хлопцы проста заходзяць «бліжэй разгледзець абсталяванне».

На саракавым кіламетры раптоўна губляем аднаго байца.

Дарогу перасякаюць чыгуначныя шляхі пад вострым вуглом. І двое з нас падаюць. Пакуль мы ацэньваем, хто як пацярпеў, і цямім, што рабіць, упала яшчэ 10–15 веласіпедыстаў. На фота відаць яшчэ двух ляжачых веласіпедыстаў.

Адзін з нас адкараскаваецца драпінамі на далоні, а другога забірае хуткая.

Разам з нашым байцом у гэтай хуткай у бальніцу дастаўляюць веласіпедыста са страсеннем.

Пра гэта месца у Тэлеграм-канале марафону таксама разгарэліся гарачыя спрэчкі аб тым, што падаюць толькі лохі і навічкі, а профікі праязджаюць і не заўважаюць.

Гэта месца перасячэння дарогі з чыгуначнымі шляхамі выглядае зусім бяспечным. Але ўражанне аказалася падманлівым. Матаю на вус: у будучыні на такіх пераездах трэба быць асцярожней. Арганізатарам варта ў наступны раз дадаткова пазначыць гэта праблемнае месца.

Увогуле, уздоўж усёй трасы на неадназначных і небяспечных участках стаяць валанцёры і даюць падказкі. Дзякуй ім за гэта!

Са стратамі, але працягваем шлях.

Адсюль відаць два вежавыя корпусы 4-га рудаўпраўлення Беларуськалія, пабудаваныя яшчэ ў 1976 годзе.

Архіўнае фота 1980 года з сайта Беларуськалія.

Там спуск у шахту ідзе па вертыкальных шахтных ствалах. Па адным ствале спускаюць і падымаюць людзей і абсталяванне, па другім — падымаюць здабытае сыр’ё на паверхню.

На гэтым тэрыконе працуе канвеерная лінія, па якой ідзе сыр’ё для будаўніцтва ландшафту.

А вось сам працэс будаўніцтва.

У гэтым месцы зноў шмат веласіпедыстаў спыняюцца пафоткацца. Некаторыя падыходзяць і просяць сябе сфатаграфаваць. Некаторыя здымаюць крэатыўныя кадры.

Адсюль адкрываецца від на шламахранілішча.

Гэта не звычайныя азёры, а тэхналагічныя вадаёмы «Беларуськалія» — пруды-адстойнікі з высокамінералізаваным расолам. Туды па трубаправодах паступае шламазмяшчальная вада пасля ўзбагачэння калійнай руды: сумесь расолу і дробных глініста-салявых часціц. У вадаёме цвёрдая фаза асядае, а больш празрысты расол затым адкачваюць назад на ўзбагачальную фабрыку і паўторна выкарыстоўваюць у тэхналагічным працэсе.

Едзем далей і атрымліваем асалоду ад краявідаў.

Прыбліжаемся да чарговай машыны, якая аказалася самай манструознай на нашым шляху.

Від:

Нагадала сцэну з фільма «Аўтастопам па Галактыцы», дзе дабудоўвалі ландшафт Зямлі-2.

Прыгожыя цені ад аблокаў!

Пафоткаліся і кацімся ўніз з тэрыкона.

Пазірую фатографу.

Лаўлю вайбы «Бязумнага Макса».

На піт-стопе на 60-м кіламетры сустрэў яблыню са смачнымі яблыкамі.

Да гэтага моманту прайшло каля 6 гадзін з пачатку нашай велапрагулкі, і яблык з крэкерам зайшлі вельмі добра! Салодкае ўжо проста не лезла, а яблык з крэкерам было так прыемна пажаваць!

Асвяжаюся.

Дзень выдаўся гарачым і сонечным. Да гэтага часу часта сустракаліся вельмі стомленыя людзі: у некаторых зводзілі сударогі, некаторыя атрымлівалі цеплавы ўдар. Не ўсім велапрагулка далася лёгка.

Спусціліся. Развітальны погляд на тэрыконы.

Удалечыні відаць крытую стужку канвеера. Як я зразумеў, па-за закрытай тэрыторыяй канвееры закрытыя кажухамі, а на закрытай тэрыторыі канвееры адкрытыя.

Да гэтай велапрагулкі я нічога не ведаў пра тэрыконы, пра працэс здабычы калійнай руды і вытворчасць угнаенняў. Пакуль ехаў па маршруце, карціна склалася:

— Дзе відаць копры (вежы), там спуск у шахту. У шахце здабываюць руду і падымаюць яе на паверхню.

— Руда трапляе на ўзбагачальную фабрыку, дзе аддзяляюць хларыд калію (будучы калійны прадукт) і хларыд натрыю (звычайная кухонная соль).

— З некалькіх тон руды атрымліваецца адна тона калійнага прадукту.

— Астатняе па канвееры транспартуецца на адсыпку тэрыконаў. Яны працэнтаў на 90 складаюцца з кухоннай солі.

— Шламавая пульпа па трубах ідзе ў шламахранілішча (азёры вышэй на фота). Там цвёрдыя часціцы асядаюць, а расол затым вяртаецца назад у тэхпрацэс.

⚙︎⚙︎⚙︎

Фінішую

і атрымліваю медаль ɷ◡ɷ

На фінішы мяне фоткае фатограф з салігорскага тэлебачання. На відэа добра бачна стылёвая падрамная торба на сцяжке.

Трапляю ў аб’ектыў некалькіх фатографаў.

Наш пацярпелы, але радасны баец:

Пара артыфактаў на целе на памяць:

Велазагар:

Хутчэй нават велаажог:

Раніцай Гармін паказвае самую нізкую гатоўнасць да трэніровак, якую я бачыў ~(´O`)~

На жаль, паказчыкі сапсаваліся тым, што за дзень да велапакатушкі я захварэў. Ужо раніцай перад стартам пульс у пакоі быў на 15–20 удараў вышэй за звычайны.

⚙︎⚙︎⚙︎

Перад выездам зайшлі ў краязнаўчы музей Салігорска. Звяртае на сябе ўвагу секцыя, якая расказвае, куды Беларуськалій экспартаваў прадукцыю. Зараз яна акуратна завешана пано.

Стомленыя і давльныя едзем дадому.

⚙︎⚙︎⚙︎

Дзякуй арганізатарам, валанцёрам і мясцовым жыхарам! Асобны дзякуй дзяўчынке, якая палівала вадой са шланга праязджаючых веласіпедыстаў — гэта было вельмі прыемна ў такі пякучы дзень!

Памятка на будучыню:

— Калі плануецца менавіта велапрагулка з марудным тэмпам і вялікай колькасцю часу на нагах, то карысна ўзяць розныя крыніцы вугляводаў. Праз тры гадзіны адны цукеркі ўжо не лезуць. Нам прыкольна зайшлі анігіры! І крэкеры з яблыкам ( ˘▽˘)っ♨

— Браць з сабою электраліты на дыстанцыі больш за 50 кіламетраў.

— У сонечны дзень выкарыстоўваць сонцаахоўны крэм.

— Не забываць піць. Падчас язды вецер абдувае, і не заўважаеш, колькі пацееш і колькі губляеш вадкасці.

— Велашорты з памперсамі вельмі пажаданыя. Яны значна павысяць камфорт. І пасля 40–50 кіламетраў будзеш думаць пра прыгажосць навокал, а не пра тое, як змясціць сраку на сядле. Бачыў людзей у звычайных джынсах, якія на другой палове дыстанцыі ёрзалі на сёдлах.

— Велашлемы. Абавязкова. Адзін хлопец разматаўся галавой так, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і быў дастаўлены ў рэанімацыю. На момант напісання гэтай нататкі, праз 2 тыдні, ён усё яшчэ ў бальніцы. Без шлема цяжка ўявіць, што з ім было б.

⚙︎⚙︎⚙︎

Снімкі фатографаў:

Крутыя фоткі чувака.

Салігорскі тэлеканал.

⚙︎⚙︎⚙︎

Да наведвання рэкамендую!

А шатун адваліўся на наступны дзень.

15 жніўня 2026