Пералёт
Дні 1–2.
Увечары перад выездам у аэрапорт перавозім каву на ператрымку.

Па дарозе ў педалі счапленьня адлятае абмежавальнік поршня. Часам поршань занадта моцна раскрываецца і блякуе націск педалі. Патрэбны тэрміновы рамонт! Купляю пластыр у аптэцы і рамантую педаль «бацькаўскім мэтадам». Абмяжоўваю амплітуду адцісканьня педалі.

У Менску па традыцыі п’ём каву.

На двары пачатак кастрычніка, але я ўжо апрануты пад в’етнамскае надвор’е. Толькі шкарпэткамі ўцяпліўся на час дарогі.
Паркуемся ў менскім аэрапорце. Цэны на паркоўку каля самога аэрапорта ўсё яшчэ здаюцца даволі дэмакратычнымі.

Заўсёды фатаграфую машыну на стаянках, каб потым успомніць, дзе яна была прыпаркаваная.
У аэрапорце сьцягваю чамадан жоўтым рамянём. Раблю гэта не дзеля бясьпекі. Калі ўпершыню ляцеў з гэтым чамаданам, аказалася, што на стужцы выдачы багажу занадта шмат чорных чамаданаў і цяжка адразу пазнаць свой. З яркай сьцяжкай чамадан бачны здалёк.

Гэта ўжо Шарамецева. Тут цікава прадаюць каньякі. Побач з кожнай бутэлькай стаяць колбы з інгрэдыентамі, пахі якіх імітуюць водар каньяку.

Калі можна адразу панюхаць розныя каньякі, разумееш, што яны сапраўды розныя: церпкія, салодкія, кветкавыя, драўняныя і гэтак далей. Падобнае адчуваньне было на капінгу кавы, калі адразу спрабуеш розныя гатункі і абсмажкі.
У Шарамецева на этапе дагляду трэба разувацца. Паколькі я загадзя пераапрануўся пад надвор’е Ханою, дык праходжу дагляд басанож.

Да Шанхаю ляцім на вялікім самалёце з двума праходамі.
У самалёце кормяць нармальна.

Падлятаем да аэрапорта ў Шанхаі.
Цікавы фармат аб’явы пра тое, што нельга праносіць у самалёт.
Незвычайны стаканчык для вады:
Цікава, такую форму зрабілі таму, што яна таньнейшая ў вытворчасьці, ці каб людзі не пакідалі шклянкі дзе папала.
Ляцім далей.
Другі самалёт з Шанхаю ў Ханой меншы — з адным праходам.
Пралятаем воблака. Унізе ўжо В’етнам.
Прыляцелі. Мне падабаецца здымаць відэа ў фармаце «Людзі за справай».
Першы кадар Ханою. У Азіі мяне заўсёды захапляе шматслойнасьць гарадской прасторы.
Ідзём перакусіць у рэстаран на даху.
І тут сустракаем закат.

Далей: Ханой. Частка 1
1‒2 кастрычніка 2024