Дзень 8. Частка 1. Дарога з Горысу да Севану
Зноў начавалі ў Горысе. Паводле звычкі прачынаюся прыблізна на сьвітаньні, і пакуль Антон сьпіць, прачынаецца і зьбіраецца, роблю ранішнія і працоўныя справы. Гэтым разам суседзі не выглядвалі :-)
Раней мы выяжджалі і ехалі ў пэўнае месца. Часам па дарозе заўважаеш прыгожы від ці цікавую дэталь. Але не спыняесься, бо трэба пасьпець кудысьці.
Вырэшылі пратэставаць новы фармат на гэты дзень. План: выехаць вельмі рана і ехаць да самага вечара; па дарозе спыняцца і здымаць усё, што спадабаецца, не тармазіць сябе думкай «не пасьпеем».
Уключыў Антону армянскую песьню — і паехалі.
У жніўні галоўны колер у Армэніі — саламяны:

Фаткі не да канца перадаюць атмасфэру. Але куды ні зірні — паштоўка :-)
Была ідэя заехаць да возера з затопленай царквой і зварыць ранішнюю каву на прыгожым фоне. Фота з інтэрнэту:

Пад’язджаем да возера:

Усё саламянага колеру. І зноў куды ні паглядзі — паштоўка! (А потым з дзесяці аднолькавых фотак яшчэ трэба пакінуць адну!)
Антон у захапленьні ад відаў!

Пад’ехалі да пункта, дзе мусіла быць царква, і бачым:
Высветлілася, што гэтую царкву бачна рэдка. Калі ўзровень вады істотна падае. Раней царква стаяла на беразе ракі. Потым збудавалі плаціну — і царкву затапіла. Плаціна:

Трошкі засмуціліся (гэта я), змірыліся. Паздымалі навокал:
Усё высахла:
Аўтамабіль і рыбак у белым:

Паехалі далей.
Сустрэкаецца шмат рэшткаў аўто, буданоў і іншых мэталёвых штуковін.



Часам агароджы робяць з рэшткаў кузаваў аўтамабіляў:

На фота ніжэй таксама плет з кузаваў, і бачная піраміда з сена (тэма сена будзе далей):

Па ўсёй краіне трапляюцца прыпынкі-парасоны аднаго дызайну. Часта старыя, яшчэ з савецкага часу і ўжо не выкарыстоўваюцца. Але сустракаў і нібыта новыя.

Па фотках відаць, што дызайн слабы. Парасоны не бароняць ад сонца. А гэта істотна ў армянскім клімаце.

Першы раз папрасіў Антона пафоткаць мяне. Прабны стрэл:




Часта трапляюцца пасекі. У чэрвені іх не заўважаў.


Побач жывуць у вагончыках ці аўтобусах і прадаюць мёд:

У гэтага мужыка купілі мёд:




Пасекі сэзонныя. Мужчына сказаў, што ўзімку тут сьнег вышэй за чалавечы рост.
Спыніліся ля возера перакусіць і зрабіць каву. Відэа доўгае і без мантажу — амаль 30 хвілін 😅 Пакуль выкладаю як ёсьць. З-за моцнага ветру дзьвюх таблетак не хапіла, каб закіпяціць кубак вады. І таблетка нешта не хацела разгарацца.
Але для прыгожай публічнай карцінкі роблю выгляд, што атрымліваю асалоду!
Заехалі ў пячоры Арэні.

У гэтых пячорах людзі туляліся недзе з 4000 да н.э. Тут знайшлі самыя старыя чаравікі. Тут — першая ў сьвеце вінаробня (у Армэніі нейкае зашмат «найстаражытнага»; падазрона):

Што блішчыць — муміё, што ня блішчыць — сажа:


Даведка пра муміё. Муміё — гэта смала, утвораная з гуана і рэшткаў расьлін за тысячы гадоў. А гуана — з лайна кажаноў (птушак і іншых жывёлаў). Карацей, муміё — як нафта, толькі з кажынага лайна і травы.
Гнёзды ластавак:


Антон зацаніў. Але спачатку ня верыў, што сотні тысяч гадоў таму гэтае месца было дном акіяна. І што гэтыя пячоры вымыліся акіянічным рухам вады.

Калі ў Беларусі шмат леспіларак, дык у Армэніі замест іх — каменаломні.
На гэтай — дробяць камень:

На гэтай — рэжуць на пліты:
Калі ў Беларусі часта сустракаюцца лесавозы, дык у Армэніі — камяневозы:
Паўсюль расьце шыпшына:
Адно і тое самае месца
у жніўні
у чэрвені
Гэта прыклад, наколькі па-рознаму краіна адчуваецца ў розныя сэзоны.
Сена захоўваюць у пірамідах:
Рэдка сена трымаюць пад дахам:

Сена вязуць на ГАЗ-53 (часам грузяць у паўтара раза больш):
Магчыма, гэта маё любімае відэа дня — ГАЗы, піраміды сена і сам працэс разгрузкі:
Для нас такія піраміды сена выглядаюць вялікімі. Але ў нас зь Антонам тэорыя: для армянаў яны не вялікія, бо навокал высокія горы. А мы жывём на раўніне — вось і робім стогі :-)
Бліжэй:
Абажаю, калі атрымліваецца злавіць такое. У мяне нават ёсьць альбом, дзе людзі проста нешта робяць :-)
Гэта фотка добра перадае сялянскі побыт: ГАЗ і сонечная панэль:

Сустрэнулі птушку. Антон сказаў, што гэта дзіцел. Але чат-жпт сказаў, што гэта удод:
Убачыў, што на ўзбочынах прадаюць вось такое:

Спачатку падумаў, што гэта гной. Потым падалося, што гэта тытунь. Пакуль фатаграфаваў, выйшаў хлопец. Пагаварылі — аказалася, гэта шчаўе. З яго, як і ў нас, вараць суп.
Праяжджалі міма караван-сараю 1332 году:

Пра ўнутранае зрабіў асобны паст.
Галоўны колер гэтага дня — жоўты!

Каровы ходзяць па дарогах:
Бліжэй да вечара іх гоняць з пашаў:
На відэа — статак кароў і каменаломня:
Праяжджаючы вёску Гегавіт, трапілі ў корку. Пастух гнаў статак кароў па дарозе. Каровы самі разыходзіліся па бакавых вуліцах, заходзілі ў свае двары. Як тата распавядаў — каровы памятаюць, дзе іх дом.
Да Севану пад’яжджалі ўжо на захадзе сонца.
Нас чакаў райскі пляж.

У кожнай паездцы ёсьць месца, што атрымлівае ганаровае званьне «горшае месца для начлегу». Ахахаха! «Парадайз біч» упэўнена забірае гэты тытул у гэтым падарожжы!
Зьняў невялікі агляд для гісторыі (кантраст кошту і якасьці лепш раскрыецца ў наступным пасты — кошт той самы, умовы ў разы лепшыя):
Выбар месцаў для начлегу быў абмежаваны, бо гэта была субота. Шмат хто прыяжджае на Севан на выходныя.
Пакуль Антон сядзеў у машыне на паркоўцы ў інтэрнэце, бо ў нашым нумары сетка не лавіла, я выпіў пару піва, якія набыў у хлопца, што прадаваў шчаўе.

А вячэраў я вось гэтым:
Невялікі спойлер наступнага дня. У наступным пасты распавяду, што гэта і дзе мы гэта купілі.
Колькі атрымалася ўражаньняў і фота за адзін дзень! Здаецца, я намацаў для сябе фармат — фотадзень. Важныя дзьве рэчы: выехаць як мага раней і ня мець «абавязковых» кропак. Проста ехаць і спыняцца столькі разоў, колькі трэба.
Цікава будзе зрабіць фотадзень па Беларусі :-)
24 жніўня 2024